ШАХРА́ЙСКІ РАМА́Н, пікарэскны раман,
адна з першых форм зах.-еўрап. сац.-быт. рамана. Вытокі ў сярэдневяковай араб. шахрайскай навеле макаме. Зарадзіўся ў Іспаніі на мяжы Рэнесансу і Новага часу (ананімны твор «Ласарыльё з Тормеса», 1554). У цэнтры — спрытны прайдоха, авантурыст (пікара), дэкласаваны чалавек без пастаяннага месца жыхарства і пэўных заняткаў (здабывае сродкі для жыцця шахрайствам і крадзяжом), які на старасці пакаяўся і распавядае пра свае прыгоды. Ш.р. мае лінейную структуру: эпізоды аб’ядноўваюцца паслядоўна пры адсутнасці суцэльнага разгалінаванага сюжэта. Найб. росквіту дасягнуў у 16—17 ст. у Іспаніі (М.Алеман-і-дэ-Энера, Ф. дэ Кеведа-і-Вільегас, Л.Велес дэ Гевара). Паўплываў на развіццё еўрап. прозы ў 17 ст. (І.М.Мошэраш, Г.Грымельсгаўзен у Германіі, Ш.Сарэль, П.Скарон у Францыі), у эпоху Асветніцтва (А.Р.Лесаж, А.Ф.Прэво, П.Марыво, Вальтэр, Д.Дзідро ў Францыі, Д.Дэфо, Г.Філдынг, Т.Смолет у Англіі, К.М.Віланд у Германіі). У 18—19 ст. рысы Ш.р. выявіліся ў творчасці рус. пісьменнікаў М.Чулкова, Ф.Булгарына, В.Нарэжнага, А.Вельтмана, у 20 ст. традыцыі прадоўжылі Т.Ман, К.Х.Села.
Публ.:
Плутовской роман. М., 1989.
Літ.:
Плавскин З.И. Плутовской роман // Плавскин З.И. Испанская литература XVII — середины XIX в. М., 1978;
Синило Г.В. Плутовской роман (Кеведо, Гевара) // Разумовская М.В., Синило Г.В., Солодовников С.В. Литература XVII—XVIII вв. Мн., 1989.
Г.В.Сініла.
т. 17, с. 395
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)